Выйшаў чарговы нумар часопіса «Журналист»

Выйшаў чарговы нумар часопіса «Журналист»

Выйшаў чарговы нумар часопіса «Журналист» – другі ў гэтым годзе. Перыядычнасць часопіса змянілася. І зараз ён выходзіць штоквартальна. Так што яшчэ адзін нумар часопіса пабачыць свет да канца 2019 года.

Варта адзначыць, што матэрыялы, змешчаныя ў спецыялізаваным прафесійным выданні, даволі цікавыя. Пра гэта сведчаць і рубрыкі, якія паказваюць прафесійную праблематыку: «Актуальна», «Супрацоўніцтва», «Медыясфера», «Ад першай асобы», «Канспект», «Дынастыя», «Апытанне», «За кадрам», «Кампетэнтна», «Ёсць меркаванне», «Рэгіён», «Ёсць нагода», «Персона».

Вельмі цікавай падаецца публікацыя дацэнта кафедры перыядычнага друку і вэб-журналістыкі факультэта журналістыкі БДУ, кандыдата філалагічных навук Аляксандра Градзюшкі «Рэгіянальныя СМІ ў эпоху перамен: Як навучыцца жыць «у лічбе»?».

У часопісе змешчана гутарка з дырэктарам прадстаўніцтва Міжнароднай Тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі Уладзімірам Пярцовым – «Мір» змяняецца са светам».

У рубрыцы «Дынастыя» Ігар Матылёнак, які сам працуе журналістам, расказвае пра свайго дзядулю – таксама журналіста.

Пра цікавы праект камянецкай раённай газеты «Камянеччына на старых фота» расказваецца ў артыкуле Кастуся Ладуцькі «Ініцыятыву нараджае «раёнка».

З гутаркай «Калі хочаш пазнаць народ – пачні з гісторыі!» выступае ў часопісе лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» знакаміты беларускі дзіцячы пісьменнік Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі. Дарэчы, сталы і вопытны літаратар, ён шмат часу аддае журналістыцы, публіцыстыцы. Вось што, у прыватнасці, гаворыць Уладзімір Сцяпанавіч у інтэрв’ю часопісу «Журналист»: «Дакументальная літаратура, публіцыстыка, дзённікі – мае любімыя жанры. Яны заўсёды заснаваныя на канкрэтных асобах, на лёсах людзей, з якіх можна і трэба браць прыклад. Яны – зрэз часу без згладжвання вострых вуглоў, у іх тая праўда, якая выхоўвае і гартуе характар».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.

Опубликовано:
Просмотров:
152
Поделиться в соц.сетях