Як нараджаецца кніга

Як нараджаецца кніга

З паліграфістамі сталічнага прадпрыемства «Транстэкс» Анатоль Кляшчук пазнаёміўся выпадкова. Справа ў тым, што тут друкуецца фотаальбом пад назвай «Пад небам Беларусі», які прысвечаны Году малой радзімы, аўтарам якога ён з'яўляецца. Дзякуючы сумеснай рабоце над выданнем аўтару пашчасціла паназіраць, як працуюць паслядоўнікі славутага Скарыны — сучасныя друкары-кніжнікі. А заадно і пазнаёміцца з некаторымі з іх.

Напярэдадні новага года сталічная друкарня «Транстэкс» выйграла тэндар, які абвясціла дзяржаўнае выдавецтва «Беларусь» на друк новага альбома, таму падрыхтаваны дызайн выдання і яго вёрстка былі адпраўлены ў апошнюю інстанцыю — ў гэтую друкарню. Найлепшаму ў сваёй прафесіі спецыялісту з саракапяцігадовым стажам Міхаілу Ермакову, паліграфісту найвышэйшага разраду, якраз і даверылі адказную работу. 

Шмат гадоў Міхаіл Міхайлавіч бездакорна працаваў на галоўным паліграфічным прадпрыемстве краіны — паліграфкамбінаце імя Якуба Коласа, друкаваў сотні выданняў, былі сярод іх і маляўнічыя прадстаўнічыя фотаальбомы. Цяпер ён друкуе і названы альбом. Чацвёртае яго перавыданне (яно цалкам перароблена — новыя і тэкст, і фатаграфіі), дзякуючы друкару, спадабаецца гледачам і чытачам, упрыгожыць міжнародную кніжную выстаўку, якая пройдзе ў пачатку наступнага месяца.

Акрамя Міхаіла Ермакова, над альбомам працавалі і іншыя друкары: Уладзімір Давыдаў, Аляксандр Львоў.

Аддрукаваныя аркушы трапляюць у пераплётны цэх, дзе шчыруе жаночая брыгада пад кіраўніцтвам адказнай і вопытнай Людмілы Банцарэвіч: Надзея Бруй, Ірына Сабіла, Святлана Мілановіч, Наталля Дзярбун, Вікторыя Сярэдзіч.

Між тым трэба падкрэсліць, што выпуск альбома ажыццяўляецца па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. А ў чытачоў падчас кніжнай выстаўкі будзе магчымасць пагартаць кнігу, да стварэння якой, хоць і праз аб'ектыў фотакамеры, аўтару пашчасціла прычыніцца.

Фота Анатоля Клешчука

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”

Опубликовано:
Просмотров:
1 277
Направления: