Часопіс «Бярозка» правёў чарговую Школу маладога літаратара
Юныя аматары беларускай літаратуры з Оршы, Гродна, Мінска, Гомеля і Рагачова паглыбілі тэарэтычныя веды, натхніліся маляўнічымі краявідамі Рагачоўшчыны і літаральна прайшлі жыццёвымі сцяжынкамі Уладзіміра Караткевіча.
Для ўдзельнікаў была падрыхтавана насычаная праграма: наведванне музея народнай славы, пешая экскурсія, тэатралізаваная імпрэза, паездка ў вёску Азярышчы, майстар-клас ад беларускага празаіка Міхася Слівы.
Рагачоўшчына была абрана не выпадкова. Менавіта ў гэтых мясцінах Уладзіміру Сямёнавічу працавалася найбольш прадуктыўна: былі напісаны аповесці «Ладдзя Роспачы» і «Сівая легенда», апавяданне «Віно дажджоў», раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і значныя часткі «Каласоў пад сярпом тваім».
Зараз юнакоў чакае другая частка выпрабавання — напісанне ўласнай аповесці. Лепшая будзе надрукавана на старонках часопіса.
Мерапрыемства адбылося пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі, Рагачоўскага райвыканкама, радыё «Культура» і тэлеканала «АНТ».